17 октября 2022 г.
«Давайце не будзем сёння гаварыць пра мяне, а толькі пра нас і нашых продкаў, бо калі б іх не было, не было б і нас. У гэты дзень мы павінны з удзячнасцю пакланіцца продкам, сказаць ім дзякуй, зрабіць усё, што можам, добрае для іх», - менавіта з гэтай прапановы вілейскага мастака Эдуарда Мацюшонка пачалася імпрэза ў гісторыка-краязнаўчым музеі.
Насамрэч, гэта было не проста адкрыццё выставы «Дзяды». Кожны з прысутных не толькі пазнаёміўся з глыбокімі работамі майстра, але і ўспомніў сваіх продкаў, перасэнсаваў сваё жыццё. «Кожны з нас павінен ведаць свой род, тады будзе павага да яго», - адзначыў мастак і прапанаваў пазнаёміцца са сваім генеалагічным дрэвам, якое было прадстаўлена з фотаздымкаў. Кожнае фота – як часцінка вялікага пазла, дакладней, карціны жыцця продкаў мастака. Праўда, там ёсць белыя лісты – гэта тое, што не засталося ў памяці.
Пасля гэтага Эдуард Мацюшонак зрабіў экскурсію па экпазіцыі, расказаў пра адчуванне свайго духоўнага свету, калі ствараў прадстаўленыя працы. І станавілася зразумела, чаму мастак менавіта так пачынаў пісаць і што з гэтага атрымалася. Кожная работа – аповед пра нашы адносіны з продкамі, пра духоўны свет, пра нашу адметную гісторыю, незабыўныя краявіды.
Пасля такога пранікнёнага аповеду-роздуму ўсіх, хто прысутнічаў на адкрыцці выставы, дырэктар музея Алена Бобіна запрасіла за стол. Адмыслова прыбраны, засцелены тканымі посцілкамі, устаўлены стравамі, у тым ліку і прыгатаванымі па рэцэпце нашых бабуль, прысутныя прыпомнілі сваіх родных, якіх ужо няма ўжывых. На адкрыцці выставы былі не толькі смаргонцы, але і мінчане, маладзечанцы, вілейчане, жыхары Астравецкага раёна і іншых куткоў Беларусі. Але ў гэты момант адчувалі сябе як адно цэлае. Нездарма кажуць: памяць яднае.