Напярэдадні Новага года традыцыйныя справаздачныя канцэрты праходзяць у Смаргонскай школе мастацтваў імя М. К. Агінскага. Панядзелак лічаць многія цяжкім днём, таму, напэўна, ў гэты дзень сцэна актавай залы была прадастаўлена выкладчыкам і навучэнцам струнна-народнага аддзялення. Бо хто як не гітарысты, цымбалісты і балалаечнікі здольны зняць напружанасць гэтага дня і ўраўнаважыць нервовую сістэму. Выдатныя выканальніцкія здольнасці, сцэнічнае майстэрства і культуру гуку прадэманстравалі выхавальнікі Вольгі Грагоўскай, Наталлі Бычкоўскай, Алены Крэк, Івана Пецюка. Радавалі прысутных юныя віртуозы: Аляксандра Бурко, Марына Дурэйка, Ангеліна Клачкевіч, Анастасія Ванеева і іншыя вучні аддзялення. Многія з іх сёлета сталі лаўрэатамі і дыпламантамі рэгіянальных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсаў. Творча падыйшлі да канцэртных нумароў і выкладчыкі. Гітарысты Іван і Віктар Пяцюкі прадставілі на суд гледачоў цікавыя кампазіцыі. Свае канцэртныя праграмы прадаставяць настаўнікі і выхаванцы ўсіх аддзяленняў школы мастацтваў.
по материалах сайта:www.shliah.by