Танцы «Субота», «Балаган», полька «шабасоўка», полька завадная… Сучасная моладзь мала ведае пра тыя мелодыі, пад якія танцавалі іх бабулі і дзядулі. Але тыя, хто пабываў на адкрыцці выставы «Смаргонскія найгрышы – нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі», не толькі папоўнілі свае веды ў гэтым кірунку, але і мелі магчымасць пачуць народную музыку.
«За апошнія дзесяцігоддзі Смаргоншчына стала асяродкам адраджэння разнастайных адгалінаванняў традыцыйнай беларускай культуры. Але асаблівае месца займае народная музыка, - адзначыла падчас адкрыцця вядучая імпрэзы, навуковы супрацоўнік музея Вольга Самаркіна. - Сёняшняя ўнікальная выстава дэманструе нам адну з каштоўнасцей у скарбніцы Смаргонскіх традыцый – найгрышы. Сёння мы будзем гаварыць пра ўнікальную народную музыку, што патрапіла ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, пра таленты самадзейных музыкантаў Смаргоншчыны».
…І загучалі мелодыі вясковых варыяцый Смаргоншчыны… Іх выканалі носьбіты народнай музычна-інструментальнай традыцыі: калектыў інструментальнай музыкі «Кушлянская капэла» (РЦК) і дзіцячы ансамбль народнай музыкі «Гулянок» (школа мастацтваў імя М. К. Агінскага).
У 2022 годзе традыцыйны музычна-інструментальны выканальніцкі стыль «Смаргонскія найгрышы» ўключаны ў «Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь».
Пра каштоўнасць смаргонскіх найгрышаў распавяла прысутным начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва.
Аўтар гэтых радкоў прысутным расказала пра жыццёвы і творчы лёс самадзейных музыкантаў Смаргоншчыны. У 2019 і 2020 гадах на старонках газеты Светлы шлях» (у праекце «З крыніц народных, жыватворных») былі надрукаваны каля дзясятка нарысаў пра музыкаў, якія пазней былі сабраны пад адну вокладку – і выйшла кніга «Самародкі».
Пасля сябе самародкі са Смаргоншчыны пакінулі не толькі музычную спадчыну, але і памяць, якую зберагаюць іх родныя. На ўрачыстасці прысутнічалі дачкі цымбаліста і акардэаніста Станіслава Гоіча з вёскі Круні і дачка акардэаніста Станіслава Казлоўскага з вёскі Малінавай (да 1980 - жыў у Дубатоўцы).
А пасля вядучая прапанавала гасцям пазнаёміцца з выставай, на якой прадстаўлены фотаздымкі музыкаў, музычныя інструменты, у тым ліку і самаробныя, аўдыязапісы носьбітаў розных пакаленняў музыкаў.
Выстава будзе працаваць да 21 красавіка.