| Вернуться на исходную страницу

НОВОСТИ / АНОНС

Танцуй пад сваю музыку. У гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Смаргонскія найгрышы – нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі»

28 марта 2023 г.
Танцуй пад сваю музыку. У гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Смаргонскія найгрышы – нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі»

       Танцы «Субота», «Балаган», полька «шабасоўка», полька завадная… Сучасная моладзь мала ведае пра тыя мелодыі, пад якія танцавалі іх бабулі і дзядулі. Але тыя, хто пабываў на адкрыцці выставы «Смаргонскія найгрышы – нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі», не толькі папоўнілі свае веды ў гэтым кірунку, але і мелі магчымасць пачуць народную музыку.

       «За апошнія дзесяцігоддзі Смаргоншчына стала асяродкам адраджэння разнастайных адгалінаванняў традыцыйнай беларускай культуры. Але асаблівае месца займае  народная музыка, - адзначыла падчас адкрыцця вядучая імпрэзы, навуковы супрацоўнік музея Вольга Самаркіна. - Сёняшняя ўнікальная выстава дэманструе нам адну з каштоўнасцей  у скарбніцы Смаргонскіх традыцый – найгрышы. Сёння мы будзем гаварыць пра ўнікальную народную музыку, што патрапіла ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, пра таленты самадзейных музыкантаў Смаргоншчыны».

       …І загучалі мелодыі вясковых варыяцый Смаргоншчыны… Іх выканалі носьбіты народнай музычна-інструментальнай традыцыі: калектыў інструментальнай музыкі «Кушлянская капэла» (РЦК) і дзіцячы ансамбль народнай музыкі «Гулянок» (школа мастацтваў імя М. К. Агінскага).

       У 2022 годзе традыцыйны музычна-інструментальны выканальніцкі стыль «Смаргонскія найгрышы» ўключаны ў «Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь».

       Пра каштоўнасць смаргонскіх найгрышаў распавяла прысутным начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва.

       Аўтар гэтых радкоў прысутным расказала пра жыццёвы і творчы лёс самадзейных музыкантаў Смаргоншчыны. У 2019 і 2020 гадах на старонках газеты Светлы шлях» (у праекце «З крыніц народных, жыватворных») былі надрукаваны каля дзясятка нарысаў пра музыкаў, якія пазней былі сабраны пад адну вокладку – і выйшла кніга «Самародкі». 

       Пасля сябе самародкі са Смаргоншчыны пакінулі не толькі музычную спадчыну, але і памяць, якую зберагаюць іх родныя. На ўрачыстасці прысутнічалі дачкі цымбаліста і акардэаніста Станіслава Гоіча з вёскі Круні і дачка акардэаніста Станіслава Казлоўскага з вёскі Малінавай (да 1980 - жыў у Дубатоўцы).  

       А пасля вядучая прапанавала гасцям пазнаёміцца з выставай, на якой прадстаўлены фотаздымкі музыкаў,  музычныя інструменты, у тым ліку і самаробныя, аўдыязапісы носьбітаў розных пакаленняў музыкаў.

       Выстава будзе працаваць да 21 красавіка.

 



Вернуться в раздел НОВОСТИ / АНОНС


| Вернуться на исходную страницу