:: ::

НОВОСТИ / АНОНС

17 мая 2016 г.
Познай Беларусь.

Смаргонскія калегі, журналісты раённай газеты “Светлы шлях”, надумаліся паспрачацца са словамі папулярнай некалі песні “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. І вырашылі даказаць, што каб палюбіць родны край – трэба найперш бываць на яго прасторах, хадзіць яго сцежкамі, вывучаць яго гісторыю, слухаць яго музыку, ведаць і ганарыцца яго слыннымі сынамі. І ў кароткім перапынку паміж двума майскімі святамі – Днём друку і Днём Перамогі – наладзілі прэс-аўтапрабег “Ад Кушлянаў да Залесся”, які меў на мэце знаёмства з адметнымі мясцінамі Смаргоншчыны. Прымусу не было – і на запрашэнне адгукнуліся самыя апантаныя: журналісты з Мінска, Рагачова, Карэліч, Ашмян – і, вядома ж, калектыў “Астравецкай праўды”.

Смаргонь музейная

“Пераклічка” прыбыўшых і першае знаёмства са Смаргоншчынай адбылося ў мясцовым краязнаўчым музеі.

Адкрыты ён не так даўно, у 2003 годзе, і пераабсталяваны з былога магазіна – і які цудоўны мост паміж гісторыяй і сучаснасцю атрымаўся! Багатая экспазіцыя, дыхтоўна зробленыя дыярамы, каштоўны архіўны матэрыял, вялікая культурная спадчына – усё сістэматызавана, абагулена, прадэманстравана.

Для нас, астраўчан, экскурсія па Смаргонскаму музею ў чарговы раз стала нагодай зайздросліва паўздыхаць: гістарычная спадчына ў Астравеччыны не меншая і ў многім пераклікаецца са Смаргоншчынай – да прыкладу, тыя ж падзеі Першай Сусветнай вайны закранулі і наш край – але пра такі вось музей мы пакуль можам толькі марыць.

Ну што ж – памарым: нездарма ж кажуць, што думкі матэрыяльныя і мары спраўджваюцца. Будзе некалі і на нашай вуліцы свята, а ў Астраўцы – музей!

Магнетычныя Кушляны

…Я лічыла, што ёсць дзве мясціны на карце Беларусі, дзе хочацца быць бясконца: Жыровіцкі манастыр і Полацк.

У Кушлянах, на ганку дома-музея Францішка Багушэвіча, слухаючы расповед шчырага патрыёта і цікавага паэта Алеся Жамойціна, я зразумела, што такія мясціны – тры.

Вянкі і кветкі ад журналістаў – як кропелькі крыві на чорным граніце помніка – ад дыму пажарышчаў? Ад гора? Ад пылу бясконцых дарог? – як даніна памяці ахвярам той вайны – усіх войн, якія, не разбіраючыся, косяць і мелюць усіх і ўсё, што трапляецца на іх шляху. І лёс шматпакутнай Смаргоні – таму пацвярджэнне. Залескія «Афіны» Што і казаць – пашанцавала Залессю: столькі гістарычных замкаў, сядзіб, маёнткаў у Беларусі прыходзяць у заняпад, развальваюцца і разрабоўваюцца на нашых вачах – і яшчэ нядаўна здавалася, што такі ж лёс чакае і сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага.

Так, я бывала тут неаднойчы і слухала экскурсавода, і бачыла гэтыя прысады, і дакраналася да дрэў, што некалі садзіў Францішак Багушэвіч, і захаплялася яго мужнасцю, і адчувала – сэрцам, не розумам! – адкуль, з якой глыбіні ідуць словы “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”, і адчувала магнетызм напісаных лацінскімі літарамі беларускіх слоў “Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага, і чула жалосны спеў жалейкі, якая штораз ажывае пад чуйнымі пальцамі Алеся Жамойціна…

Але гэтае шчымлівае пачуццё незразумелага смутку, калі хочацца плакаць “не потому, что сердцу больно, а потому, что есть оно”: энергетыка дрэва, з якога будавалася хата Багушэвічаў, якая ўліваецца ў цябе жыццядайным эліксірам; намоленасць лапіка зямлі каля тагачаснай капліцы, дзе чувацца, як дыхае зямля; ледзь чутны шэпт маладога лісця, якое нясмела, саромеючыся, прызнаецца ў любові свету – усё кліча сюды зноў і зноў. Каб адчуць повязь з роднай зямлёй, з яе сынамі – і зноў усвядоміць сябе беларусам…

Невядомыя Солы

Мы незлічоную колькасць разоў праязджалі каля касцёла Маці Божай Ружанцовай у Солах – міналі яго ў літаральным сэнсе гэтага слова, пазбаўляючы сябе вялікага скарбу, што тоіць у сабе гісторыя.

Каб аднойчы, у той самы дзень, калі нас паклікалі ў вандроўку, з дапамогай апантанага, улюбёнага ў свой край і яго гісторыю краязнаўцы Уладзіміра Прыхача – як цудоўна, што ён яшчэ і пазаштатны аўтар нашай газеты! – зрабіць для сябе адкрыццё: касцёл у Солах – гэта помнік не толькі архітэктуры, але і гісторыі, ён своеасаблівы мастацкі музей, дзе знаходзяцца карціны вядомага мастака Пётры Сергіевіча і Люцыяна Жылігоўскага, і храм чалавечага духу.

Гісторыя Солаў і яго касцёла непарыўны звязана з Першай Сусветнай вайной: захаваліся гістарычныя здымкі, на якіх германскі кайзер Вільгельм праводзіць парад сваіх войск пасля іх пераможнага наступлення 29 ліпеня 1917 года. У тую ж вайну, у 1915 годзе, касцёл быў спалены – але, як птушка Фенікс, паўстаў з попелу, дзякуючы веры і намаганням мясцовага люду. І нават знойдзены пры будаўніцтве новага касцёла скарб – жырандолі і рэчы 17 стагоддзя – не перасварыў мясцовых жыхароў, як гэта часта бывае, а наадварот, – з’яднаў іх: гістарычныя каштоўнасці прадалі і за гэтыя грошы закончылі будаўніцтва храма, які быў асвечаны ў 1934 годзе.

А для нас, астраўчан, касцёл у Солах мае асаблівае значэнне яшчэ і таму, што ў яго рэстаўрацыі, мы ведаем, прымала ўдзел наша зямлячка, мастачка Тэрэса Варановіч…

Хлебадайныя Жодзішкі

Аддаючы павагу энтузіязму мясцовага краязнаўцы Алега Мізулы, які пастараўся сабраць у сваім прыватным гісторыка-краязнаўчым музеі усё, што мае ўзрост большы за паўстагоддзя – усё ж больш уразіла не яго шматлікая, але не сістэматызаваная экспазіцыя, а вадзяны млын, які працуе і зараз – праўда, ужо не ад энергіі вады, хоць, кажуць, і для гэтага засталося неабходнае абсталяванне. У старадаўняй прахалодзе каменнай будыніны, якая захавалася з 18 стагоддзя, дзе, здаецца, жывуць вадзянік і дамавік, і зараз робяць муку, крупу, камякі – але гаспадар, пастараўся захаваць і нават прымножыць колішнія прылады працы млынара.

…Непаўторны хлебны водар; дробненькія пылінкі мукі, якія, бы прывязаныя, вісяць у сонечных промнях, што знітоўваюць усю прастору падстрэшша, ціхае журчанне ручая, які гатовы ў любы момант павярнуць махавік млына – усё гэта ўражвае сваёй сапраўднасцю, надзейнасцю, адвечнасцю – як хлеб і зямля.

Смаргонь шматпакутная

Адна з самых трагічных старонак гісторыі Смаргоншчыны – Першая Сусветная вайна, якая прайшлася па яе тэрыторыі знішчальным катком, не шкадуючы ні воінаў, ні мірных жыхароў. І велічны мемарыял, роўных якому няма нідзе ў свеце, – першая чарга яго была адкрыта у 2014 годзе, да стагоддзя пачатку той вайны, ахапіўшай увесь свет, – прызваны нагадаць пра гераізм і пакуты страшэнных часоў.

“Хто не быў пад Смаргонню, той вайны не бачыў” – гэтыя словы прыпісваюць ваяваўшаму тут Міхаілу Зошчанку – але іх мог сказаць кожны, хто зведаў тут жах і жудасць вайны, бессэнсоўнай і злачыннай па сваёй сутнасці. Саладкавата-атрутны водар газавых атак, якія распачалі немцы, а затым паўтарылі і рускія; адчайны гераізм жаночага батальёна, які з-за спінаў мужчын-баязліўцаў выйшаў абараняць Айчыну – гэта цудоўна паказана ў фільме “Батальён”, у аснову якога пакладзены рэальныя падзеі баёў пад Смаргонню; нечуваная і нябачаная датуль падземная мінная атака; подзвіг і трагедыя экіпажа самалёта “Ілля Мурамец”, які немцы, ворагі, аддаючы даніну павагі мужнасці і гераізму лётчыкаў праціўніка, пахавалі з воінскай пашанай… І, нарэшце, трагедыя мірнага насельніцтва Смаргоні: больш як 16 тысяч чалавек за некалькі гадзін пакінулі родны горад – свае дамы, нажыты гадамі скарб, родныя сцежкі і магілы, каб больш ніколі сюды не вярнуцца – Смаргонь падчас вайны была спалена дашчэнту… Усе гэтыя і іншыя знакавыя падзеі Першай Сусветнай вайны адлюстраваны ў помніках і знаках велічнага мемарыяла.

Але ж не! “Паўночныя Афіны”, як называлі маёнтак у часы, калі тут канцэнтравалася культурнае і духоўнае жыццё Віленшчыны, не проста адроджаны – яны жывуць цікава, насычана: тут ладзяць балі ў стылі Агінскага з абавязковым дрэс-кодам у выглядзе вячэрніх сукенак і адпаведных касцюмаў для дарослых і цукеркавыя балі для дзяцей; сустракаюць гасцей ў хутка маючую адбыцца “Ноч музеяў” і ладзяць тэатралізаваныя экскурсіі. Сведкамі і ўдзельнікамі адной з такіх давялося стаць і нам. І, пагадзіцеся, адна справа, калі пра гісторыю сям’і Агінскіх, пра хітраспляценні іх лёсаў і падзей расказвае экскурсавод у джынсах і красоўках, – і зусім іншая, калі пра тое ж распавядаюць “дачка”, “сын”, “жонка”, “сяброўка сям’і” ці “асабісты сакратар” знакамітага кампазітара – і веры ім больш, і цікавасці да іх слоў…

А нас, астравецкую частку ўдзельнікаў вандроўкі, у Залессі чакаў сюрпрыз: выстаўка карцін “Водар радзімы” нашага земляка Алега Драбышэўскага – ды яшчэ і сам аўтар, які правёў своеасаблівую экскурсію па выставе, распавёўшы гісторыю стварэння кожнай з іх. Але лепш за любыя словы пра мастака гавораць яго работы: водар спякотнага летняга дня, які адчуваеш ля палатна “Сонейка лясное”, ці марозную свежасць зімовага ранку на карціне “Сонечнасць Траецкага”, ці ап’яняючыя пахі абуджанай ад зімовага сну “Мінскай вясны” – той самы водар радзімы, які, здаецца, вылучаюць карціны Алега Драбышэўскага.

Як немагчыма за адзін дзень дасканала пазнаёміцца з усёй Смаргоншчынай – цікавай, прыгожай, багатай на гісторыю і землякоў – так немагчыма ў адным артыкуле перадаць усе ўражанні, якія засталіся ад гэтага прэс-аўтапрабега. Значыць, будзе нагода прадоўжыць знаёмства – і замацаваць ці паглыбіць і веды, і ўражанні.

А яшчэ хочацца спадзявацца, што цікавы пачын смаргонскіх калег стане прыкладам для пераймання – і цікавыя вандроўкі па роднаму краю прадоўжацца і стануць добрай традыцыяй.

Бо, каб любіць Беларусь нашу мілую – трэба ў РОДНЫХ краях пабываць…



Количество просмотров: Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!


Вернуться в раздел НОВОСТИ / АНОНС

Год малой родины
Перевести
Календарь событий
Велодвижение
"Могилёв - молодежная столица"
Геральдика
Герб города Сморгонь

Флаг города Сморгонь

Введите заголовок

Контакты

8 (01592) 4-20-81
sportofksit@tut.by

г. Сморгонь, ул. П. Балыша, 4а
Открыть контакты

Лето-2018
Велосипедный маршрут
Оздоровление детей-2018