:: ::

НОВОСТИ / АНОНС

04 июня 2019 г.
- Ой, якія смачныя! Ніколі такіх абаранкаў не каштаваў! Дзе іх і пякуць? –  пахваліў мужчына гадоў шасцідзесяці.

- У печы! У Вішневе! Гэта наша Флар’янаўна пячэ смачныя абаранкі, самыя смачныя на сённяшнім фэсце! – ледзь не ў адзін голас усклікнулі культработнікі з Вішнеўскага ДК, якія забаўлялі публіку падчас рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Смаргонскія абаранкі”.

IMG_6894.JPG

Ядвіга ХАДАЛЁНАК на фестывалі-кірмашы "Смаргонскія абаранкі"


Атрымаць такі камплімент – дорага каштуе. Вытворцы абаранкаў з розных гарадоў прапаноўвалі на свяце сваю прадукцыю. Праўда, іх абаранкі – заводскія. А ў Флар’янаўны – хэйд-мэйд. У кожную майстрыха ўклала часцінку сваёй душы (гэта адзін з сакрэтаў  прыгатавання). Жанчына, апранутая ў стылізаваны народны касцюм, таксама была на  падворку Вішнеўскага ДК. Частавала смаргонцаў і гасцей горада сваім печывам, дзялілася рэцэптамі смачэчы. На свята яна прывезла пірагі і некалькі падносаў румяных абаранак.

Флар’янаўна (дакладней, Ядвіга Флар’янаўна Хадалёнак) – абаранічніца з вялікім стажам. Кухарка з вялікай літары.

IMG_6899.JPG

Сухія кансервы для касалапых

- У сярэдзіне ХVII стагоддзя у Смаргоні Радзівілы заснавалі школу дрэсіроўкі мядзведзяў, якую жартоўна пачалі называць “мядзведжай акадэміяй”, - расказвае навуковы супрацоўнік Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Самаркіна. - Вучоных-“акадэмікаў” скамарохі вадзілі па Еўропе. Рэч Паспалітая, Германія, Венгрыя, Францыя… На кірмашовых плошчах касалапыя артысты танчылі пад музыку, забаўляючы публіку. Шлях іх быў далёкім і доўгім, падарожжа доўжылася да паўгода. Па дарозе касалапых трэбы было карміць. Вось і прыдумалі печыва такой формы – кругленькае з дзюрачкай пасярэдзіне. Яго зручна было насіць, надзеўшы на вяровачку і павесіўшы на шыю. Пяклі яго з заварнога цеста, таму яно доўга не псавалася. І мядзведзь сыты, і павадыр негалодны. Вось так, дзякуючы мядзведзям, Смаргонь вынайшла для ўсяго свету абаранкі. Неўзабаве сухія “кансервы” для мядзведзяў сталі папулярнымі ў карчмах мястэчка. Падаваліся як закусь.

IMG_6018.JPG

Вольга САМАРКІНА падчас тэатралізаванай экскурсіі 


Дом і печ

Не так даўно ў Смаргоні пачалі распрацоўваць гастра-брэнд “Смаргонскія абаранкі”. Тады ўзнікла лагічнае пытанне: “Ці ёсць у нас хто-небудзь, хто б мог адрадзіць сакрэты старажытнага майстэрства?”  Чалавек знайшоўся не адразу.

У 25 кіламетрах ад Смаргоні жыве 77-гадовая Ядвіга Хадалёнак. Адзіная, хто ведае рэцэпт старасмаргонскай абваранкі.

Шэсць гадоў таму жанчына пераехала з суседняй Волькаўшчыны ў больш цывілізаванае Вішнева – цэнтр сельсавета. Купіла дом з гаспадарчымі прыбудовамі. У якасці бонусу атрымала яшчэ адзін. Без перабольшання, гістарычную каштоўнасць. Хата, якой больш за сто гадоў, і там ёсць старажытная печ у рабочым стане, у якой можна прыгатаваць  самыя смачныя пірагі і абаранкі.

IMG_4744.JPG

Менавіта ў старую хату запрасіла нас Ядвіга Флар’янаўна і дзялілася старажытным рэцэптам прыгатавання абваранак, які пераняла ад сваёй маці 1915 года нараджэння


Радзіма абаранак

Смаргонь традыцыйна лічыцца радзімай абаранак. Упершыню пра гэта ўзгадаў Вільям Пахлёбкін, савецкі і расійскі гісторык, у сваіх кулінарных кнігах. «…Родина баранок - город Сморгонь в Белоруссии, где из заварного (обварного) теста впервые начали делать узкие жгутики и выпекать из них обваранки (изделия из обваренного теста)…». Гэты ж факт пацвярджае і самы вядомы беларускі гісторык кулінарыі Тадэвуш Навагродскі, доктар гістарычных навук, аўтар кнігі “Эвалюцыя традыцый харчавання беларусаў у ХІХ-ХХ стагоддзях”.

20170513183305-cc9d05d9-la.jpg

Пякарня сям'і АЛЬХІМОВІЧ (30-я гады 20 стагоддзя)


Старасмаргонскі рэцэпт

Для пачатку трэба дроў альховых (не інакш!) насекчы, печ затапіць, цеста замясіць…

Абараначніца пералічвае неабходныя інгрэдыенты для цеста: пшанічная мука, малако, дрожджы, соль, цукар, яйка, поснае масла, сметанковае масла, дабаўляю трохі ваніліну. Можна мак ці карыцу. Строгага рэцэпта не прытрымліваюся – усё на вока”.

IMG_4721.JPG

Прапорцыі павінны быць гарманічнымі – галоны сакрэт смачнай стравы. Калі цеста “падышло”, можна і абаранкі “гнуць”. Памер абараначніцы вымяралі на ўказальны палец. Гэта маленькая абаранка. А былі і вялікія – на тры і нават на чатыры пальцы.

Спачатку “кольцы” абварвалі (кідалі ненадоўга ў вар), а пасля выкладалі на бляху і выпякалі ў печах (хвілін з 10) і – вуаля, страва гатова!

IMG_4739.JPG

На кірмаш у Вільню

У 30-х гадах XX стагоддзя ў Смаргоні налічвалася каля 30 пекараў, якія займаліся выпечкай абаранкаў, - удакладняе Вольга Самаркіна. – На кожнай вуліцы было некалькі пякарняў, у кожнай майстрыхі – свой рэцэпт. Цэлую зіму ўсёй сям’ёй смаргонскія майстрыхі пяклі абаранкі, старанна зашывалі іх у чыстыя палатняныя мяхі, і ўжо ў сакавіку з гэтым грузам накіроўваліся ў дарогу. Чароды конскіх вазоў везлі тавар у Ліду, Гародню, Вільню (смаргонскія абаранкі былі традыцыйным пачастункам на кірмашы да дня Святога Казіміра на вясеннім кірмашы Казюкас). Цягніком абаранкі везлі ў Варшаву, Маскву, Санкт-Пецярбург.

cms-image-000000584.jpg

Продаж абаранкаў у Вільні (30-я гады 20 стагоддзя)


20170513183306-cf7153ce-la.jpg

                                                                   Продаж абаранкаў у Смаргоні (30-я гады 20 стагоддзя)


Наш клад!

- Напэўна, абаранкі, калі вы былі дзіцем, выраблялі нячаста? – цікавімся ў Ядвігі Флар’янаўны.

- Ой, канешне… На Каляды, Новы год, Вялікдзень і на Яна – калі быў фэст у Вішнеўскай парафіі, - зазначае жанчына. - Рабілі б, можа, і часцей, ды не было з чаго пячы. Дзе той пшанічнай мукі ўзяць? А ў пост пяклі посныя абаранкі: мука, алей, вада ды соль.

IMG_4698.JPG

- А калі вы зрабілі сваю першую абаранку?

- Гадоў у трынаццаць-чатырнаццаць станавілася побач з мамай і вучылася мясіць цеста. Сакрэтамі смачных абаранак дзялілася і суседка (бабка-павітуха), якая таксама вельмі добра ўмела абыходзіцца з цестам. І абаранкі, і пірагі смачныя пякла. І я палюбіла гэту справу. Наогул вельмі люблю гатаваць. І гасцей люблю. Уся мая радня была гасцінная, няпрагная.

- Ядвіга Флар’янаўна  - майстрыха на ўсе рукі. Наш клад! - усклікае загадчыца Вішнеўскага Дома культуры Альфрэда Дыро. - Не толькі абаранкі выпякаць, але і на кроснах ткаць, кручком і на спіцах вязаць яна таксама добра ўмее. Усё гэта ад маці пераняла. Да нядаўняга часу ў нашым ДК яна гурток па ткацтву вяла, моладзь ткаць вучыла.

Майстар-клас для Беларусі

Спрытная, актыўная, усмешлівая жанчына. Ядвіга Флар’янаўна зусім не выглядае на свае семдзесят сем. Майстар-клас па выпечцы абаранак яна правяла не толькі для журналістаў “Светлага шляху”. Напярэдадні да яе прыязджаў Аляксандр Мацяс з АНТ. Так што цяпер, як выпякаць смачныя смаргонскія абаранкі, ведаюць не толькі яе сяброўкі і аднавяскоўцы. Уся Беларусь.

IMG_4706.JPG

Напярэдадні фестывалю ўнук нашай гераіні прыехаў з Мінска да бацькоў, яны таксама ў Вішневе жывуць. І да бабці павітацца забег.

- Зноў, бабуля, пячэш абаранкі і пірагі?

- Пяку…

- Дык бізнес адкрывай, - пажартаваў.

Хто ведае, а можа, і адкрые. І ў 80 гадоў жыццё, бывае, толькі пачынаецца. Асабліва ў абараначніцы.

Сушкі – у масы!

Смаргонскія абаранкі вырабляе не толькі Ядвіга Хадалёнак. Смаргонскі хлебазавод прапаноўвае 8 найменняў сушак. 162 тоны спяклі тут у 2018 годзе. У межах спецыялізаванай выставы “Хлебная і кандытарская справа” адбыўся рэспубліканскі агляд якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Смаката 2018". Залатым медалём была адзначана сушка «Макаўка», сярэбраным - сушка «Колос».

P.S. У Спісе нематэрыяльных каштоўнасцей Беларусі сярод 125 аб’ектаў смаргонскія “абваранкі” не значацца. Пакуль не значацца. Усяму свой час.

Галіна АНТОНАВА.

Фота, відэа аўтара, а таксама з архіва Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея.



Вернуться в раздел НОВОСТИ / АНОНС

Государственный флаг Республики Беларусь
2024 – Год качества
Сморгонский районный исполнительный комитет
-
-
-
ЗДОРОВЫЙ ОБРАЗ ЖИЗНИ
ЛЕТО-2024
Касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў Войстаме
Касцёл Прасвятой Троіцы ў Жодзішках
Сморгонь туристическая
ФОК Сморгонь
-
VETLIVA
Туристический портал о Беларуси
Мой город
Открой свой город в смартфоне
Календарь событий на 2024 г
Топ-5 региона
Газета
grodnovisafree
Защита прав потребителей
Портал рейтинговой оценки
Контакты

8 (01592) 4-20-81
sport@foksmorgon.by

г. Сморгонь, ул. П. Балыша, 4а
Открыть контакты