:: ::

НОВОСТИ / АНОНС

10 апреля 2017 г.
Радавод князёў Агінскіх: Княгіня Паўліна Агінская, народжаная Шэмбек

(Да 280-годдзя маці М. К. Агінскага – Паўліны Агінскай) паулина_Огинская.jpg Каб даведацца як мага больш пра асобу Паўліны Шэмбек, мне давялося першапачаткова звярнуцца да геналогіі яе роду і даследавання польскага гісторыка К. Карольскага “Szembekуw gaі№џ podolska”(“Падольская галіна Шэмбекаў”), а таксама да тых дакументаў, якія прыводзіць Пётр Станяк у сваёй кніжцы. Такім чынам, маці Міхала Клеафаса, Паўліна з Шэмбекаў (1737-1798), з’яўлялася дачкой графа Марка Шэмбека, Бжэсцка-Куяўскага старасты, пазней каралеўскага генерал-ад’ютанта, і яго жонкі Ядзвігі з Рудніцкіх, дачкі старасты Балімаўскага. Вельмі старадаўні род Шэмбекаў паходзіў ад старой нямецкай шляхты з горада Стандэл у Брандэнбургіі, адна з галін якога на чале з яе заснавальнікам Барталамеем у XVI ст. асела ў Кракаве і вяла гандаль сукном. Першапачаткова Шэмбекі належалі да мяшчанскага саслоўя, хаця Барталамей ужо быў аўтарытэтным грамадзянінам і ўваходзіў у склад Кракаўскай гарадской Рады. Толькі пры нашчадку Барталамея, Станіславе, род Шэмбекаў атрымаў правы на шляхецтва. Шэмбекі заўсёды дадавалі да свайго прозвішча “са Слупава” (гэтак жа, як Агінскія – “з Казельска”, што ўказвала на месцазнаходжанне гнязда роду) і карысталіся ўласным гербам “Шэмбек”, што сведчыла пра асаблівую гісторыю роду. Паўліне было 7 год, калі памёр яе бацька і маці ў хуткім часе выйшла замуж за Казіміра Лубенскага, дэпутата сейму 1746 г. ад Кракаўскага ваяводства, старасту Лялёўскага, і жыла з ім і дзецьмі ў маёнтку Шэмбекаў Мінога каля Олькуша, таксама Кракаўскага ваяводства. Маёнтак Мінога размешчаны ў надзвычай маляўнічай мясцовасці ў нэпасрэдным суседстве з Айцоўскім нацыянальным паркам, у мяккіх кліматычных умовах. Ён пазней стаў пасагам Паўліны і перайшоў у рукі яе трэцяга мужа Анджэя Агінскага. Першы шлюб Паўліны Шэмбек Першым мужам Паўліны стаў граф Цэлестын Лубенскі (1729-1759) гербу “Памян”, каралеўскі шамбелан, прыдворны падкаморый караля Аўгуста ІІІ (шамбелан – прыдворны тытул. Так звалі ў больш старажытныя часы каралеўскага ахоўніка, які суправаджаў гасцей у каралеўскія пакоі. Прыдворны падкаморый – тытул, якім узнагароджвалі таго з прыдворных, які адказваў за бяспеку каралеўскага жылля. У канцы ж XVIII ст. гэтыя прыдворныя тытулы азначалі тое самае, што і дзяржаўныя ордэны, а таксама тое, што іх уладальнік мае доступ да каралеўскага двара). Род Лубенскіх гербу Памян быў адным з самых уплывовых у Польшчы. Ён, як і род Шэмбекаў, даў краіне некалькі буйных дзяржаўных саноўнікаў-ваяводаў і каралеўскіх сакратароў. У шлюбе з Цэлестынам Лубенскім 22.11.1758 г. у Мінозе нарадзіўся сын Фелікс Валезій Уладзіслаў Лубенскі, які пасля смерці бацькі гадаваўся ў бабулі Шэмбек у той жа Мінозе, а пазней, з 6-гадовага ўзросту, у родзіча Ўладзіслава Лубенскага, ксяндза-прымаса Польшчы. Пасля заканчэння Варшаўскага іезуіцкага канвікту Фелікс Лубенскі вывучаў права ў Сіенне і Рыме. Вярнуўшыся на Радзіму, ён распачаў сваю палітычную і кар’еру з працы ў канцылярыі князя Аўгуста Міхала Чартарыйскага, вялікага літоўскага канцлера. Ён быў выбраны дэпутатам сейму ад Калішскага ваяводства і за старанную працу атрымаў ордэн св. Станіслава, вызначыўшыся як палітычны прыхільнік рэформаў караля С. А. Панятоўскага. Фелікс Лубенскі з’яўляўся членам Таварыства сяброў Канстытуцыі 3 мая, дэпутатам 4-гадавога сейму, які прыняў гэтую Канстытуцыю, і працаваў у гэты час у дэпутацыі замежных спраў. Падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі Фелікс Лубенскі вызначыўся як актыўны паўстанец, адзін з тых, хто задумаў і падрыхтаваў само паўстанне. Яшчэ пазней, пасля ўтварэння Напалеонам герцагства Варшаўскага, ён стаў у ім міністрам юстыцыі і веравызнанняў, уводзіў у жыццё Польшчы грамадскі Кодэкс Напалеона, а таксама адшукаў і аднавіў так званую Каронную метрыку (збор старадаўніх актаў каралеўскай канцылярыі). Пасля паражэння Напалеона Фелікс Лубенскі з жонкай Тэкляй Бялінскай і дзецьмі пасяліўся ў апусцелым падваршаўскім Гузаве (у сям’і Фелікса і Тэклі з Бялінскіх было ў той час 10 дзяцей). Сучаснікі так ацэньвалі асобу Тэклі Бялінскай: “Была гэта, несумненна, жанчына вялікага характару: паэтка, драматург, перакладчыца з французскай, анлійскай і італьянскай моў. Адна з яе драм, “Ванда і Рытыгер”, атрымала прызнанне не толькі крытыкаў, але і капрызнай варшаўскай публікі”. Другі шлюб Паўліны Шэмбек Пасля смерці Цэлестына Лубенскага Паўліна Шэмбек у хуткім часе выйшла замуж за Яна Праспера Патоцкага гербу "Залатая Пілява", якому яго бацька, Міхал Антоні Патоцкі, адступіў у сувязі з гэтым уласнае Гузаўскае стараства. Паселішча Гузаў ляжыць ля важных транспартных і гандлёвых шляхоў, у 7 км ад міжнароднай трасы Берлін-Варшава. Малалетні сын Яна Праспера Патоцкага i Паўліны Шэмбек, Антоні Пратазій (2.09.1761-23.01.1801) - усе звалі яго "Прот" - пасля смерці бацькі гадаваўся у доме свайго дзеда, ваяводы Антонія Міхала Патоцкага (згодна з традыцыямі таго часу, асірацелае дзіця мужчынскага полу павінна было гадавацца у родных па лініі бацькі). Трэці шлюб Трэцім і самым удалым шлюбам Паўліны Шэмбек быў шлюб са старастам Ашмянскага павету, мечнікам літоўскім, дэпутатам сейму, князем Анджэем Агінскім (1740-1787). Шлюб адбыўся ў суседнім з Гузавам Медневіцкім касцёле 21 ліпеня 1763 года. У архіве парафіі св. Станіслава ў вёсцы Віскіткі (таксама непадалёк ад Гузава) у кнізе шлюбаў захаваўся акт пад нумарам 197 за 1763 год, у якім паведамляецца: “Гузаў. Панскі дом. Дня 21 ліпеня. Я, Адам Маркевіч, прэпазіт віскіцкага парафіяльнага касцёла, у Медневіцкім касцёле Айцоў Рэфарматаў змацаваў шлюбны кантракт паміж Найяснейшым Панам графам Анджэем з Казельска Агінскім, найвышэйшым мечнікам Вялікага Княства Літоўскага, старастам Ашмянскага павету, палкоўнікам Яго Каралеўскай Мосці і Рэчы Паспалітай, і Яснавяльможнай Пані графіняй Паўлай з дому Шэмбек, у І шлюбе Лубенскай, у ІІ шлюбе – Патоцкай, старасцінай Гузаўскай". Пасля таго, як у Ашмянскім парафіяльным касцёле ў нядзельныя і святочныя дні былі зроблены тры абвяшчэнні аб шлюбе з боку Яснавяльможнага Анджэя Агінскага (паводле прадпісанняў правінцыйных сабороў і сінодаў), а з боку Найяснейшай Паўлы Патоцкай – у Віскіцкім парафіяльным касцёле, кананічных перашкод не было выяўлена. Шлюб Анджэя Агінскага і Паўліны Шэмбек прыцягвае да сябе ўвагу ў першую чаргу тым, што ён даў свету выдатную асобу кампазітара сусветнай славы, дзяржаўнага і палітычнага дзеяча перыяду апошніх падзелаў Рэчы Паспалітай, касцюшкаўскага паўстанца і дасканалага мемуарыста – Міхала Клеафаса Агінскага (1765-1833), асобу таленавітую і легендарную, якая шмат у чым пераўзыходзіла сваіх сучаснікаў. Паспяховае фарміраванне яго яркай шматбаковай асобы стала вынікам шчаслівага збегу жыццёвых абставін, але найбольшую ролю тут адыграла мэтанакіраванае ўздзеянне маці і сям’і. Вось што занатаваў у сваіх мемуарах сам Міхал Клеафас: “Мая маці, Паўліна, народжаная графіня Шэмбек, была ў першым шлюбе жонкай Лубенскага, які пражыў мала, у другім – Патоцкага, які пакінуў яе ўдавою праз год, і, нарэшце, майго бацькі, Агінскага. …Яна мела ад кожнага з мужоў па аднаму сыну, што было повадам часта называць яе “маці трох правінцый”. Яна была адной з самых прыгожых жанчын Польшчы, яе паводзіны былі самыя прыкладныя, яна магла служыць узорам найлепшай жонкі і адной з самых пяшчотных маці...”.

Таццяна КЛЯШЧОНАК, навуковы супрацоўнік музея-сядзібы М. К. Агінскага.

по материалах сайта:www.shliah.by



Вернуться в раздел НОВОСТИ / АНОНС

Государственный флаг Республики Беларусь
2024 – Год качества
Сморгонский районный исполнительный комитет
-
-
-
ЗДОРОВЫЙ ОБРАЗ ЖИЗНИ
ЛЕТО-2024
Касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў Войстаме
Касцёл Прасвятой Троіцы ў Жодзішках
Сморгонь туристическая
ФОК Сморгонь
-
VETLIVA
Туристический портал о Беларуси
Мой город
Открой свой город в смартфоне
Календарь событий на 2024 г
Топ-5 региона
Газета
grodnovisafree
Защита прав потребителей
Портал рейтинговой оценки
Контакты

8 (01592) 4-20-81
sport@foksmorgon.by

г. Сморгонь, ул. П. Балыша, 4а
Открыть контакты