| Вернуться на исходную страницу

НОВОСТИ / АНОНС

Керамічныя гаршчкі з багатай гісторыяй

12 февраля 2024 г.
Керамічныя гаршчкі з багатай гісторыяй

       У музейным кутку Крэўскага Дома культуры захоўваецца калекцыя гліняных гаршчкоў – каля дзвюх дзясяткаў экзэмпляраў. Работнікі клуба збіралі па людзях у аграгарадку і яго ваколіцах.

       «У кагосьці гаршчок на плоце вісеў, у кагосьці – на гарышчы захоўваўся, хтосьці – у ім кветкі вырошчваў. А аднойчы мы ўбачылі, як людзі з Мірклішак сабачку сваю з такой пасудзіны кармілі. Мы ўгаварылі такі экспанат у музей перадаць, - усміхаецца загадчыца Крэўскага ДК Жанна Барташ. – Людзі з паразуменнем да нашых збораў ставіліся. Многія самі прыносіць гаршчэчкі ў клуб сталі. 

       Між іншым крэўскія гаршчкі маюць багатую гісторыю. Раней у Крэве ледзь не ў кожным доме былі ганчары. І гэта не дзіва. Вядомы смаргонскі кераміст Сяргей Нагаеў сцвярджае, што крэўская гліна лічыцца лепшай не толькі ў Беларусі. У ёй высокая колькасць мінералаў, таму яна вогнетрывалая. Пра жыватворныя якасці крэўскіх «залежаў» ведаюць нават тыбецкія ламы (пра гэта расказваў чалавек, які быў на Тыбеце).

       У пачатку XIV стагоддзя ў Крэве ўзвялі замак. Гэтай жа эпохай археолагі датуюць самыя раннія знаходкі керамікі Крэва. Убачыць керамічныя чарапкі можна ў музеях Мінска і Смаргоні, а таксама ў музеі Крэўскай школы.

       Як сцвярджаюць гісторыкі, вядомасць Крэву прынёс дымчаты посуд. Потым – пакрыты глазурай. У 1924 годзе ў мястэчку  арганізавалі  спецыяльные курсы ганчароў. Пасля Другой сусветнай вайны адкрылі  керамічны цэх. Але «няпростыя 90-я» спынілі ганчарны круг.

       У ХХІ стагоддзі ў Крэве сталі праводзіць брэндавае свята «Кераміка Крэва». У цэнтры фестывалю – пляцоўка керамістаў і майстроў народнай творчасці, якія з’язджаюцца ў аграгарадок з розных куткоў Беларусі.

       Галіна АНТО

       Фото з архіву Крэўскага ДК

 



Вернуться в раздел НОВОСТИ / АНОНС


| Вернуться на исходную страницу