| Вернуться на исходную страницу

НОВОСТИ / АНОНС

Шоу, якое стала гісторыяй

09 августа 2023 г.
Шоу, якое стала гісторыяй

       5 жніўня дэлегацыя са Смаргонскага раёна прыняла ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці ІІ гульняў краін СНД. Каля 20 чалавек: юныя спартсмены, трэнеры, супрацоўнікі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама – пабывалі ў Мінск-Арэне, дзе сталі сведкамі захапляльнага, эфектнага, хвалюючага відовішча, уражаннямі ад якога пагадзіліся падзяліцца.

Алена БАРТАШЭВІЧ: «Гэта было цудоўнае шоу! Вельмі харызматычныя вядучыя: Тэо і Вольга Рыжыкава. Уразіў парад каманд, дзе мы пабачылі спартсменаў з такіх далёкіх экзатычных краін як Аман, Куба, В’етнам, Малайзія і іншыя. А пакуль спартмены праходзілі ўздоўж глядацкіх трыбун, на сцэне адбывалася прадстаўленне ў нацыянальных касцюмах. Безумоўна, сачу за выступленнямі нашых беларускіх спартсменаў, асабліва лёгкаатлетаў. Сярод іншых спаборнічаюць дзеці 2009 года нараджэння – равеснікі выхаванцаў нашай школы. Вынікі сапраўды выдатныя! Не кожны дарослы спартсмен можа з імі канкурыраваць.»

Макар КУПЧАНКА: «Калі мне прапанавалі паехаць на адкрыццё Гульняў, нават не думаў, адразу пагадзіўся. Думаю, што нам дасталіся адны з лепшых месцаў – проста насупраць сцэны, таму прадстаўленне ўбачылі ва ўсёй красе. На гэтых спаборніцтвах выступаюць спартсмены – мае равеснікі. Міжволі думаецца: «Ці змог бы я паказаць такі вынік?» Разумею, што гэта вельмі моцныя лёгкаатлеты.»

Алена ІВАНОВА: «Нават цяжка выказаць свае эмоцыі пасля шоу ў Мінск-Арэне! Гэта дало такі зарад, таое жаданне глядзець кожны від спаборніцтваў, «хварэць» не толькі за нашых, але і спартсменаў з іншых краін! Мы ўключаем трансляцыю з Гульняў – і няважна, выступаюць гімнасты ці цяжкаатлеты. Мы бачым, адчуваем эмоцыі кожнага, радуемся перамогам і спачуваем паражэнням. Вельмі добра, што спаборніцтвы праходзяць у розных гарадах Беларусі. Кожны мае магчымасць з’ездзіць і паназіраць за Гульнямі ўжывую».

Аліна КУПЧАНКА: «У гэты дзень мы адчувалі сябе часткай гісторыі. Мы не ведаем, калі наступныя Гульні краін СНД пройдуць у Беларусі, таму стараліся запомніць кожную хвіліну. Хораша працавалі і ўзаемадзейнічалі з гледачамі вядучыя, кранальная цырымонія запальвання Агню… Мы не заўважылі, як праляцелі дзве гадзіны. Уразілі нумары беларускіх артыстаў, камп’ютарныя тэхналогіі, што сталі арганічнай часткай прадстаўлення. Уразілі меры бяспекі. Аглядалі літаральна ўсе рэчы, кожны чалавек праходзіў праз рамкі металашукальніка. Мы адчувалі сябе сапраўды спакойна і бяспечна. Прычым арганізавана ўсё было так, што гледачоў доўга не затрымлівалі на ўваходзе. Дарэчы, падзеямі ў Мінск-Арэне свята не скончылася. Звонку была арганізавана пляцоўка, дзе выступалі артысты, вельмі спадабалася, што яны спявалі на беларускай мове.»



Вернуться в раздел НОВОСТИ / АНОНС


| Вернуться на исходную страницу