| Вернуться на исходную страницу

НОВОСТИ / АНОНС

Фэст «Кераміка Крэва»: назад у мінулае

15 августа 2022 г.
Фэст «Кераміка Крэва»: назад у мінулае

       Аматары гістарычных вандровак і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, рыцарскіх паядынкаў і сярэднявечных танцаў 13 жніўня сабраліся на фэсце «Кераміка Крэва».

       Гэта імпрэза – прыступка ў справе адраджэння багатай гістарычнай спадчыны крэўскай зямлі і гісторыі. А традыцыйнае свята керамістаў, якое тут ладзіцца, гаворыць пра тое, што керамічнае мастацтва будзе і далей развівацца.

       Ва ўнутраным двары замка праходзіў рыцарскі фэст «Меч Кейстута». Акунуцца ў атмасферу Сярэднявечча дапамаглі рэканструктары з Мінска. Рыцарскія турніры для публікі – шоу экзатычнае і захапляльнае.

       Удзельнік клуба «Вількамір» Алег Смайкевіч (клубнае імя – пан Алег з Наваградку) зазначае: «З радасцю ўдзельнічаем у такіх святах. Я люблю ўсе замкі Беларусі, быў ва ўсіх. У Крэве – асаблівая энергетыка. Выступаць у такіх месцах – неверагодна цікава і захапляльна». 

       Падчас фэсту працавала фотавыстава «Артэфакты з раскопак у Крэўскім замку», супрацоўнікі Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея праводзілі экскурсіі з элементамі тэатралізацыі «Крэўскі замак: калі гісторыя ажывае».

       Экспазіцыі  «Тры эпохі Крэва» і «Крэўскія татары» прэзентаваў краязнаўца-рэканструктар з Крэва Канстанцін Дземідовіч.

       Музыка і майстар традыцыйных музычных інструментаў Аляксей Яскевіч распавядаў пра сваю творчасць.

       Усе жадаючыя  маглі паўдзельнічаць у майстар-класе па сярэднявечных танцах і забавах.

       На працягу фестывалю-кірмашу працаваў  «Горад майстроў», у якім свае вырабы прадставілі керамісты і іншыя майстры народнай творчасці. 

       У майстэрні смаку «Карчомка па-крэўску» можна было набыць хатнія прысмакі, напоі, юшку. Асаблівым попытам карысталася медавуха, якую па старажытных рэцэптах  прыгатавалі работнікі Сінькоўскага Дома культуры. 

       Фестываль-кірмаш дазволіў яшчэ раз  дакрануцца да багатага гістарычнага мінулага гэтай старажытнай зямлі. Такія святы дапамагаюць дакрануцца да гісторыі, адчуць сувязь мінулага і сучаснасці.



Вернуться в раздел НОВОСТИ / АНОНС


| Вернуться на исходную страницу