| Вернуться на исходную страницу

НОВОСТИ / АНОНС

Вяргіні да Дня нараджэння Міхала

15 февраля 2018 г.
На самым маленькім глобусе кожны чалавек можа знайсці тое запаветнае месца, дзе ён нарадзіўся і, узяўшы аловак, паставіць кропку. Гэта кропка – пачатак ўсяго, кропка адліку жыццёвых уражанняў, добрых спраў, карані чалавека, яго малая Радзіма. Не многія жыхары Беларусі могуць ганарыцца тым, што на іх тэрыторыі знаходзіцца такі палацава-паркавы комплекс як музей-сядзіба М.К. Агінскага. 

Разам з тым гэта накладвае пэўныя абавязкі - абавязкі перад сабой, перад сваімі аднавяскоўцамі, перад гасцямі. Ёсць патрэба ў пастаянным пошуку новага і самаўдасканальванні.

9 лютага ў знакамітай аранжарэі музея-сядзібы М.К. Агінскага адбыўся круглы стол “Стан гістарычных мясцін – візітоўка аг. Залессе”, на якім сабраліся кіраўнікі мясцовых установаў, старасты вуліц і жыхары Залесся, неабыякавыя да сваёй Радзімы. Сустрэчы ў сядзібе становяцца ўжо традыцыйнымі, на іх абмяркоўваюцца пытанні, якія тычацца не толькі музея, але і сельскага савета.

Супрацоўнікі музея-сядзібы прапанавалі правесці ў верасні фестываль “Вяргіні да дня нараджэння Міхала”, у рамках якога адбудуцца наступныя мерапрыемствы: канцэрт класічнай музыкі, конкурс падворкаў “Зямля смяецца кветкамі”, выстава кветкавых дываноў, майстар-клас па тэхніцы “канзашы”, дзіцячы пленэр “Кветкавая планета”, прэзентацыя буклета “Біяразнастайнасць Залескай сядзібы”.

Папярэднічаць фестывалю будуць семінар “Біяразнастайнасць расліннасці ў сядзібе Агінскага і аг. Залессе”, які адбудзецца ў сакавіку, акцыя па добраўпарадкаванні тэрыторыі музея-сядзібы і аг. Залессе, да Міжнароднага Дня помнікаў і гістарычных мясцін у красавіку, акцыя па добраўпарадкаванні памятных мясцін “Разам можам больш” – май.

Кветкавая тэма выбрана не выпадкова: у час жыцця М.К. Агінскага на тэрыторыі сядзібы расла вялікая колькасць розных кветак - толькі адных вяргінь налічвалі каля 60-ці відаў (маюцца архіўныя дакументы за 1821 г.), таму вельмі хочацца, каб не толькі  музей “зіхацеў” вяргінямі, але і ўсё Залессе.

Пасля невялікіх выступленняў і абмеркавання асноўных пытанняў, усімі ўдзельнікамі круглага стала была прынята рэзалюцыя, якая зацвердзіла план далейшай працы па падрыхтоўцы фестывалю “Вяргіні да дня нараджэння Міхала”. Не абыходзіцца без музыкі ні адно мерапрыемства ў сядзібе і на гэты раз добры музычны настрой падаравала пастаянная ўдзельніца мерапрыемстваў музея Святлана Хмялькова з Мінска.

Добраўпарадкаванне тэрыторыі, у першую чаргу гістарычных памятных мясцін, вядзе да павышэння якасці жыцця, і гэта можна зрабіць праз сумесную дзейнасць кожнага жыхара аграгарадка Залессе, органаў улады, грамадскіх арганізацый.

Намеснік дырэктара  музея-сядзібы Святлана Кенько

zalesse.by



Вернуться в раздел НОВОСТИ / АНОНС


| Вернуться на исходную страницу