:: ::

НОВОСТИ / АНОНС

12 февраля 2018 г.
Ухіл зрабілі на школьнікаў. Лясгас арганізоўвае экскурсійныя паездкі на аўтобусе, распрацаваны маршрут. Ён уключае ў сябе базісны лясны гадавальнік, дзе вучні знаёмяцца з асноўнымі пародамі дрэў, якія растуць у нашых лясах.

экотуризм_Сморгонь_ 007.jpg

Хлопчыкам і дзяўчынкам паказваюць нарыхтоўку насення на лесанасеннай плантацыі, пасадку саджанцаў, расказваюць аб тым, як маленькія расліны ператвараюцца ў вялікія дрэвы. А ў лесагадавальніку больш за 100 відаў і форм раслін, разнастайны дэкаратыўны пасадачны матэрыял.  Юныя турысты даведваюцца аб гісторыі лясгаса,  часе яго стварэння, асноўных відах дзейнасці.

экотуризм_Сморгонь_ 023.jpg

З цікавасцю слухаюць дзеці аповед работніка лясгаса падчас знаходжання ў паляўнічых угоддзях.


Далей па маршруце дзецям трапляе на вочы сучасная лесанарыхтоўчая тэхніка – харвэстары, фарвадары, якія працуюць у лесе. Многія не бачылі іх раней, былі ўпэўнены, што драўніну нарыхтоўваюць толькі бензаматорнымі піламі, таму іх здзівіла машына, якая сама піліць, абсякае сукі і распілоўвае бервяно на кавалкі. З усёй гэтай работай спраўляецца адзін аператар.

У Астравецкім лясгасе экскурсантам са Смаргоні паказваюць вальеры з дзікімі жывёламі. Там можна ўбачыць высакароднага і еўрапейскага аленяў, лань, муфлона. У паляўнічым комплексе, які знаходзіцца ў Астраўцы, дзеці знаёмяцца з гісторыяй Астравецкага лясгаса, асноўнымі відамі вядзення паляўнічай гаспадаркі, наведваюць стралковы цір, разглядаюць чучалы жывёлін, паляўнічыя трафеі. Адтуль маршрут пралягае ў Смаргонскі паляўнічы комплекс. 

экотуризм_Сморгонь_ 49.jpg

экотуризм_Сморгонь_ 41.jpg

экотуризм_Сморгонь_ 51.jpg

“Тут мы расказваем пра асноўных жывёл, якія жывуць у нашых лясах, чым кормяцца, якую небяспеку ці карысць прыносяць людзям”, - кажа намеснік дырэктара Смаргонскага доследнага лясгаса Андрэй Пятроўскі. Таксама можна паглядзець чучалы розных птушак і звяроў, сфатаграфавацца ў ролі паляўнічага ў тантамарэсцы (стэнд для фотаздымкаў з адтулінамі для твару). Стомленых, але задаволеных дзяцей пояць чаем, частуюць цукеркамі, пячэннем і адвозяць у Смаргонь.

Смаргонскі доследны лясгас мае непасрэднае дачыненне да турыстычнага кластара, таму экскурсіі праводзіліся не толькі па названым вышэй маршруце, былі наведаны музеі-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага, Францішка Багушэвіча, ганчарная майстэрня братоў Нагаевых. Дзеці ўважліва назіралі за тым, як лепяць з гліны посуд, іншыя рэчы. Гаспадар майстэрні цікава расказваў аб узнікненні і развіцці ганчарства.

Паездкі з прафарыентацыяй

У 2017 годзе была праведзена 31 экскурсія, у якіх удзельнічала каля 600 дзяцей. Былі не толькі дзіцячыя групы, але і змешаныя – да дзяцей далучаліся іх бацькі. У сувязі з гэтым для кожнай узроставай катэгорыі арганізатары прадугледзелі адпаведную інфармацыю. А са старшакласнікамі  праводзілася яшчэ і прафарыентаванне. Вясной  работнікі лясгаса вазілі па турыстычных маршрутах вучняў выпускных класаў гімназіі з хіміка-біялагічным ухілам. Гімназістаў знаёмілі з гісторыяй лясной гаспадаркі, вытворчасцю, каб яны  маглі даведацца пра лясную гаспадарку на практыцы і ў далейшым зрабіць выбар на карысць прафесіі лесавода.

экотуризм_Сморгонь_ 71.jpg

Для прафарыентавання былі створаны школьныя лясніцтвы. Іх 8. Наведвальнікі школьных лясніцтваў з дзяцінства маюць дачыненне да прыроды, там ёсць свой ляснічы, майстры лесу, леснікі. За імі замацаваны ўчастак лесу, дзе праводзяцца навуковыя работы, вядзецца назіранне за станам расліннасці, на падставе вывучэння і назіранняў хлопчыкі і дзяўчынкі пішуць работы. Штогод у красавіку праходзіць конкурс дзіцячых работ “Квітней, мой лес”. Раней прызавыя месцы ў ім займала школьнае лясніцтва СШ №6, апошнім часам яно чамусьці здало свае пазіцыі. А вось два школьныя лясніцтвы з Ашмянскага раёна (тэрыторыя Смаргонскага доследнага лясгаса распаўсюджваецца і на гэты рэгіён) па чарзе становяцца прызёрамі абласнога этапа гэтага конкурсу.

“Мы не стаім на месцы. Кожная экскурсія – гэта нешта новае, пашыраецца пералік паслуг, - адзначае Андрэй Зянонавіч. - Літаральна праз тыдзень-два павінны завезці аленяў і ў наш лясгас, тады адпадзе неабходнасць у паездках на Астравеччыну. Летась па жаданні школьнікаў уключалі ў турыстычны маршрут замест Астравецкага Маладзечанскі лясгас. Там іншая разнастайнасць жывёл, ёсць нават страус. Хто з дзяцей жадаў, мог прайсці па экалагічнай сцежцы”.

экотуризм_Сморгонь_ 78.jpg

экотуризм_Сморгонь_ 84.jpg

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота прадастаўлена лясгасам.



Вернуться в раздел НОВОСТИ / АНОНС

Государственный флаг Республики Беларусь
2024 – Год качества
Сморгонский районный исполнительный комитет
-
-
-
ЗДОРОВЫЙ ОБРАЗ ЖИЗНИ
ЛЕТО-2024
Касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў Войстаме
Касцёл Прасвятой Троіцы ў Жодзішках
Сморгонь туристическая
ФОК Сморгонь
-
VETLIVA
Туристический портал о Беларуси
Мой город
Открой свой город в смартфоне
Календарь событий на 2024 г
Топ-5 региона
Газета
grodnovisafree
Защита прав потребителей
Портал рейтинговой оценки
Контакты

8 (01592) 4-20-81
sport@foksmorgon.by

г. Сморгонь, ул. П. Балыша, 4а
Открыть контакты